Праваабаронца Раман Кісьляк зьвярнуўся да начальніка Кастрычніцкага РАУС Віцебску з заявай аб аднаўленьні правоў затрыманых 22 сакавіка сябраў партыі БНФ Леаніда Аўтухова і Кастуся Смолікава. Ён патрабуе разгледзець справу ў судзе не пазьней як цягам 48 гадзін пасьля затрыманьня або вызваліць актывістаў. Аналягічныя заявы былі накіраваныя таксама ва УУС Віцебскага аблвыканкаму і міністру ўнутраных спраў.

Гаспадарчы суд Віцебскай вобласьці пачаў прадаваць маёмасьць даўжнікоў праз акаўнты ў папулярных сацыяльных сетках, расказала прэс-сакратарка суду Натальля Ганчарова. Судовыя выканаўцы публікуюць на афіцыйных старонках суду зьвесткі аб рэалізацыі арыштаванай маёмасьці.

У Віцебску затрыманыя сябры партыі БНФ — цяперашні старшыня абласной арганізацыі Леанід Аўтухоў і былы кіраўнік гэтай структуры Кастусь Смолікаў. У гандлёвым цэнтры «Эвіком» яны раздавалі ўлёткі з запрашэньнем на мітынг 25 сакавіка. Цяпер актывісты знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня, суд над імі адбудзецца 25 сакавіка.

У Віцебску ў мясцовым “Эўрапейскім доме” адбылася ўрачыстая вечарына, прымеркаваная да 170-годзьдзя з дня нараджэньня Кастуся Каліноўскага і 95-годзьдзя абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Падчас вечарыны таксама былі падведзеныя вынікі нацыянальнай дыктоўкі, пераможца якой – віцебская абласная каардынатарка БХД Тацьцяна Севярынец – атрымала каштоўны прыз – кнігі. На вечарыне ў падтрымку палітвязьняў выступілі кінарэжысэр Валер Мазынскі, які распавёў пра некаторыя са сваіх фільмаў, прысьвечаных рэпрэсаваным, і бард Андрэй Мельнікаў зь песьнямі са свайго новага альбому.

Ніколі не сумнявайцеся ў тым, што невялікая група думаючых, актыўных грамадзян здольная зьмяніць сьвет; насамрэч заўсёды менавіта так і адбываецца.

Актывісты «Гавары праўду», руху “За свабоду”, аргкамітэту БХД, сабраліся разам для абмеркаваньня правядзеньня Дня Волі ў Віцебску, нягледзячы на афіцыйную забарону мясцовых уладаў. Удзельнікам сустрэчы было прапанавана напярэдадні сьвяткаваньня Дня Волі напісаць лісты палітвязьням. Усім прысутным былі раздадзеныя адмысловыя буклеты з адрасамі палітвязьняў, улёткі. Удзельнікамі сустрэчы было напісана каля 40 лістоў.

На Ўсьпенскай горцы, на плошчы каля Сьвята-Ўсьпенскага катэдральнага сабору, рыхтуюць да ўстаноўкі помнік былому патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Аляксію II. Цяпер працоўныя віцебскага будтрэсту №9 рыхтуюць пляцоўку для падмурку будучага манумэнту. Як распавёў прараб Віталь Кручкоў, мантаж помніку павінны завершыць да 23 сакавіка. Вышыня бронзавай фігуры патрыярха разам з гранітным пастамэнтам складзе каля 5 мэтраў.

Як мы паведамлялі раней, Камітэт па правох чалавека ААН прызнаў, што ўлады Беларусі парушылі грамадзянскія і палітычныя правы Антаніны Піванос. Аднак улады не сьпяшаюцца выконваць рашэньне аўтарытэтнага міжнароднага воргану. Каб усё-такі дамагчыся рэалізацыі гэтага рашэньня на практыцы, віцебская актывістка вымушаная была зьвярнуцца ў суд.

Чарговым месцам правядзеньня маратону “Хваля салідарнасьці” стала мястэчка Гарадок Віцебскай вобласьці. Тут мясцовыя актывісты “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” разам зь іншымі неабыякавымі людзьмі напісалі лісты палітвязьням. Мяркуецца, што маратон “Хваля салідарнасьці” пройдзе па 37 гарадох Беларусі і скончыцца акцыяй у Дзень Волі ў Менску.

Актывісты “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” 14 сакавіка разам з прадстаўнікамі дэмакратычнай грамадзкасьці Віцебску ў межах падрыхтоўкі да Дня Волі ўзялі ўдзел у агульнанацыянальнай дыктоўцы паводле “Лістоў з-пад шыбеніцы” Кастуся Каліноўскага. Потым прысутныя далучыліся да “Хвалі салідарнасьці” і напісалі лісты падтрымкі палітвязьням.