28 верасьня Валер Місьнікаў, якога спачатку ўключылі ў склад участковай выбарчай камісіі, а потым зь яе выключылі, быў выкліканы ў АУС Чыгуначнага раёну Віцебску. Начальнік аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі маёр Аляксандар Рыбакоў апытаў праваабаронцу, каб высьветліць, ці парушыў той артыкул 23.5 КаАП – абраза службовай асобы падчас выкананьня ёй службовых паўнамоцтваў.

Пад заяўкамі, пададзенымі ў раённыя адміністрацыі гораду, паставілі свае подпісы пяцёра сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Усяго яны хочуць правесьці 21 пікет: штодня па адным у кожным з трох раёнаў Віцебску, пачынаючы з 5 кастрычніка і заканчваючы апошнім днём галасаваньня 11 кастрычніка.

Віцебская стваральніца прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч распавяла пра спробы высьветліць стаўленьне кандыдатаў у прэзыдэнты да праблем малога бізнэсу.  З усіх кандыдатаў адказала прадпрымальнікам толькі Тацьцяна Караткевіч.

Больш за дваццаць гадоў жыхар вёскі Буяны Віцебскага раёну Леанід Здрэстаў дамагаецца аднаўленьня сыстэмы ацяпленьня ў сваёй кватэры. Усе гэтыя гады ён хоча толькі аднаго - «сумленнага і законнага вырашэньня праблемы па аднаўленьні сыстэмы цеплазабесьпячэньня сваёй кватэры», але кожны раз сутыкаецца са свавольствам і валюнтарызмам рознага рангу кіраўнікоў.

На магіле закатаванай нацыстамі ў 1943 годзе партызанскай сям'і ў вёсцы Котава Віцебскага раёну зьявіўся новы помнік.

Органамі пракуратуры Віцебскай вобласьці выяўленыя парушэньні заканадаўства ў дзейнасьці прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у сыстэму дзяржаўнага аб'яднаньня «Віцебскі канцэрн "Мяса-малочныя прадукты"».

Для вяскоўцаў і пра вяскоўцаў пачаў выдавацца бюлетэнь "Стаўроўская газета". Ініцыятарам выданьня і рэдактарам стаў старэйшына вёскі Ігар Грышанаў. Мяркуецца, што бюлетэнь будзе выходзіць 1 раз на месяц.

Прадстаўнікі віцебскага абласнога аддзяленьня Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі запэўніваюць, што не рассылаюць лісты тролям з указаньнем, які канкрэтны артыкул трэба камэнтаваць на «Нашай Ніве».

Каардынатар аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” на Віцебшчыне Тацьцяна Севярынец атрымала з Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Віцебскага аблвыканкаму адказ на калектыўны зварот у справе антыбеларускай дзейнасьці казацкіх фармаваньняў.

Гэта ўжо чацьверты выпуск штогодніка «Шэрая кніга. Хроніка парушэньняў правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне». Апроч публікацыі друкаванага выданьня, аўтары кнігі разьмясьцілі ў інтэрнэце яе электронную вэрсію, якую можа спампаваць кожны ахвотны.

Як адзначаюць у прадмове да кнігі яе ўкладальнікі, «цягам ліпеня 2014 г. – чэрвеня 2015 г. (менавіта гэтаму часаваму інтэрвалу прысьвечаны выпуск) сытуацыя з правамі чалавека ў Віцебскім рэгіёне, як і ў краіне ў цэлым, істотна не зьмянілася ў параўнаньні з ранейшым пэрыядам». Тым ня менш, у параўнаньні з выпускам, які быў выдадзены год таму, аб'ём кнігі павялічыўся ў паўтара разы, што можа сьведчыць пра тое, што правы чалавека ў рэгіёне, імаверна, усё-такі сталі парушацца часьцей.

Кніга складзеная на падставе публікацыяў, разьмешчаных на праваабарончых сайтах, а таксама артыкулаў, апублікаваных іншымі інтэрнэт-рэсурсамі. Усе матэрыялы выданьня разьбітыя на дванаццаць разьдзелаў.

Апроч інфармацыі пра ўласна парушэньні правоў чалавека, як грамадзянскіх і палітычных, гэтак і сацыяльных, эканамічных ды культурных, складальнікі кнігі таксама падаюць зьвесткі пра маніторынг судовых працэсаў, паведамляюць пра грамадзянскія ініцыятывы і акцыі, асьвятляюць дзейнасьць праваабаронцаў па адстойваньні грамадзкіх інтарэсаў. Асобны разьдзел прысьвечаны зваротам жыхароў Віцебшчыны ў Камітэт ААН па правох чалавека. 

Віцебская вясна