26 лютага на волю зь віцебскага ІЧУ пасьля 30 сутак арышту павінен быў выйсьці полацкі актывіст Алесь Круткін, але яго ня вызвалілі. Паводле інфармацыі, атрыманай ад начальніка ізалятару, Круткіна яшчэ ў першай палове дня адвезьлі ў Лепельскі РАУС для складаньня чарговага адміністрацыйнага пратаколу.

Супрацоўнікі аддзяленьня наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі затрымалі 24 лютага ў Наваполацку двух кіроўцаў таксі. Іх падазраюць у незаконным абарачэньні наркатычных сродкаў, інфармуе прэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкаму.

Палітвязьня Міхаіла Жамчужнага этапавалі ў сьледчы ізалятар №2 (СІЗА-2) у Віцебску. Пра гэта палітвязень паведаміў у лісьце праваабаронцу Леаніду Сьвеціку. Прычынай такога нечаканага перамяшчэньня Жамчужнага стала аднаўленьне папярэдняга расьсьледаваньня Упраўленнем сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці.

Арганізатарка «Несьмяротнага палку» ў Віцебску і лютая прыхільніца «паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі» Эльвіра Мірсалімава выказала гатоўнасьць удзельнічаць у сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. Пра гэта яна заявіла ў інтэрвію «Беларускаму палітрынгу».

Пэтыцыю з патрабаваньнем спыніць будаўніцтва кадэцкай вучэльні на тэрыторыі Верхняга замку ў Полацку, якую адправілі ў Адміністрацыю прэзыдэнта і Савет Міністраў, была перанакіраваная ў Віцебскі аблвыканкам. Разглядаць яе будуць у галоўным ўпраўленьні адукацыі. Гэта вынікае з афіцыйных адказаў, якія атрымалі аўтары электроннага звароту.

22 лютага ў арт-прасторы VZAP з раніцы да самага вечара віравала інтэлектуальнае жыцьцё. На фестываль Pradmova, які ладзіцца ад 2018 году, завіталі больш за 20 беларускіх інтэлектуалаў. Сярод іх Лявон Баршчэўскі, Марына Шода, Андрэй Хадановіч, Тацяна Арцімовіч, Андрэй Саўчанка, Ільля Сін, Павал Касьцюкевіч ды інш.

13-ю агульнанацыянальную дыктоўку, прысьвечаную Дню роднай мовы, напісалі 22 лютага больш за 50 віцяблян. Ці не ўпершыню ў такой імпрэзе ўзялі ўдзел чыноўнікі Віцебскага аблвыканкаму – начальнік упраўленьня культуры Пётар Падгурскі і кіраўнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы і па справах моладзі Генадзь Ягораў.

У чытальні Віцебскай абласной навукова-тэхнічнай бібліятэкі 21 лютага адкрылася выставы партрэтаў «Я», мадэлямі для якіх выступілі выхаванцы Клюбнага дому «Крылы надзеі» – людзі, якія мелі досьвед псыхічных захворваньняў.  

21 лютага судзьдзя Віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова разгледзела скаргу актывіста Алеся Круткіна на рашэньне суду Кастрычніцкага раёну, які прысудзіў яму 15 сутак арышту за налепку «Калгаснай дыктатуры баста!». Скарга засталася без задавальненьня.

19 лютага адбылося другое пасяджэньне суда па адміністрацыйнай справе журналіста з Глыбокага Зьмітра Лупача. Яго вінавацілі ў парушэньні Закону аб СМІ за супрацу з тэлеканалам «Белсат». У выніку Глыбоцкі раённы суд вынес пастанову аб спыненьні справы ў сувязі з недаказанасьцю, паведамляе служба маніторынгу «Беларускай асацыяцыі журналістаў»