Мясьціны каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну могуць быць прызнаныя мэмарыяльнымі. Пра гэта гаворыцца ў адказе зь Віцебскага аблсавету, дасланым старшыні Віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусю Смолікаву.

На мінулым тыдні вайскоўцы 52-га пошукавага батальёну скончылі працу па эксгумацыі неідэнтыфікаваных парэшткаў з ускрытых чорнымі капальнікамі пахаваньняў у лясным урочышчы ля вёскі Хайсы. Аднак грамадзкія актывісты кажуць пра новыя знаходкі ў расстрэльным лесе.

Актывісты перакананыя, што толькі рэчавыя доказы могуць аспрэчыць афіцыйную вэрсію пра «пахаваньне ахвяраў вайны» ля вёскі Хайсы пад Віцебскам. Калі гэтая вэрсія знойдзе фактычнае абвяржэньне, то мясцовым уладам давядзецца прызнаць, што ў лесе каля вёскі Хайсы знаходзіцца пахаваньне ахвяраў сталінскага тэрору.

У выпадку вызначэньня прозьвішча канкрэтнага чалавека, можна было б дэталізаваць час пахаваньня і паставіць канчатковую кропку ў спрэчках прыхільнікаў двух супрацьлеглых поглядаў. Як вядома, чыноўнікі схіляюцца да вэрсіі, што ў лесе пад Хайсамі ляжаць ахвяры фашыстаў, а грамадзкія актывісты перакананыя, што людзі, пахаваныя тут, былі забітыя за часамі сталінскіх рэпрэсіяў.

Апублікавана ў Рознае