Чацвер, 14 Ліпень 2016

Ірына Яскевіч: Стаўшы дэпутатам, буду выступаць за сямігадзінны працоўны дзень для жанчын

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ірына Яскевіч Ірына Яскевіч

Каардынатар аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў “Разам”, сябра АГП і магчымы кандыдат у дэпутаты на маючых адбыцца выбарах у парлямэнт краіны Ірына Яскевіч падзялілася з нашым карэспандэнтам сваімі думкамі наконт цяперашняй выбарчай кампаніі.

Спадарыня Ірына, хацелася б ведаць, чым кіруецца такі абазнаны барацьбіт як Вы, пагаджаючыся на ўдзел у заведама несправядлівых выбарах?

Кіруюся разуменьнем таго, што зь людзьмі трэба размаўляць, да людзей трэба даводзіць думку пра магчымасьць пераменаў. Грамадзянам трэба растлумачваць, што ўлада наўмысна ставіць грамадзтва перад выбарам, дзе на адной шалі вагаў дабрабыт чалавека і годная аплата працы, а на другой – страшылкі пра вайну. Мы не за вайну, мы за годнае жыцьцё, за празрыстае разьмеркаваньне бюджэтных сродкаў. Мы за тое, каб перасталі гнабіць людзей, якія пастаўленыя ў такія ўмовы, што змушаныя папросту выжываць.

Сёньня прадпрымальнікі, да якіх я сябе залічаю, таксама выжываюць, бо тры чвэрці свайго прыбытку мы аддаём на вымушаныя плацяжы. Тое, што кажуць, быццам бы пакупнік сышоў з рынку, гэта ня праўда – яны таксама выжываюць, адседжваюцца і глядзяць галоднымі вачыма на рэчы ў нашых ралетах у надзеі нешта купіць. Сёньня ва ўсяго народу адна агульная праблема: бюракратыя, якая дзеля спакою і выгоды ў сваіх чынавенскіх крэслах гатовая зьвесьці да галечы ўсіх грамадзян краіны.

Я разумею, што сёньня людзі інэртныя, што сабраць неабходную колькасьць подпісаў будзе няпроста, таму я іду паводле партыйнага сьпісу, але хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй я буду дзеля зносін зь людзьмі. Я мушу адчуць настроі, якiя пануюць у масах, і зразумець, што трэба рабіць дзеля таго, каб прынесьці карысьць. Хай камусьці гэтыя словы здадуцца напышлівымі, але я мяркую, што вельмі важна людзям бачыць дэпутата ня толькі на выбарчым малюнку перад выбарамі, але і ў жывую.

Апроч таго, існуе непрыемная заканамернасьць: дэпутаты пасьля выбараў зьнікаюць у нейкім Бярмудзкім трыкутніку. Праз наўпроставыя зносіны з выбаршчыкамі я сьцьвярджаю: без зваротнай сувязі з грамадзянамі дэпутат ня ў стане выконваць ускладзеныя на яго функцыі. Дарэчы, я ўжо маю досьвед удзелу ў выбарчай кампаніі. У 2008 годзе я ўжо была кандыдатам у дэпутаты. Спачатку мяне не зарэгістравалі, але я дамаглася прыёму у Ярмошынай, і мяне аднавілі ў правох.

Казаць пра тое, што кагосьці з дэмакратычных кандыдатаў у сёньняшніх варунках кудысьці абяруць – гэта ўтопія. Гэта я разумею адназначна. Проста трэба рабіць сваю справу, і трэба пра гэта казаць з народам. Я буду казаць пра цяжкасьці, буду разьвенчваць міты, якія стварае дзяржава наконт прадпрымальнікаў, пэнсіянэраў, якія быццам бы вінаватыя ў крызысе. Такія сьцьверджаньні ўладаў кажуць пра безадказнасьць і некампэтэнтнасьць цяперашняга кіраўніцтва дзяржавы.

На вашу думку, ці можа крызысная сытуацыя ў эканоміцы нейкім чынам паўплываць на настроі выбаршчыкаў і на вынікі выбараў?

Сёньняшнія настроі ў грамадзтве я ахарактарызавала б як зацішша перад бурай. Сёньня стан такі, што многія спадзяюцца на авось: авось пранясе, і ўсё вернецца на кругі свае. Хаця многія разумеюць, што час абараняцца, пара штосьці рабіць, бо працоўныя месцы не бяруцца зь нічога, і заробкі не бяруцца зь нічога. Вельмі складана сказаць, да чаго прывядзе гэты крызыс, але тое, што бура будзе – гэта разумеюць усе.

Уявім сабе неверагоднае: Ірына Яскевіч стала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Якія пытаньні парлямэнцкай дзейнасьці ў такім выпадку аказаліся б у сфэры Вашай увагі?

Я мяркую, што мне бліжэй за ўсё тры сфэры: жанчыны, сям'я і прадпрымальнікі. Бо прадпрымальніцкай дзейнасьці я прысьвяціла больш за 12 гадоў. У гэтым пытаньні я кампэтэнтная, і ўсе мае дзеяньні ўсьвядомленыя, досьвед набыты велізарны. Як жанчына, я разумею, наколькі няпроста цяпер жонкам і маці, якія, вобразна кажучы, зь нічога вымушаныя рабіць нешта, а пры гэтым яшчэ ўсьміхацца і слухаць, як доблесны муж лаецца з тэлевізарам, разумеючы, што гэтым ён нічога не паправіць. Залаты запас нашай краіны – гэта жанчыны. У гэтым я перакананая. Таму буду выступаць за сямігадзінны працоўны дзень для нашых жанчын. Неабходна, каб яны маглі мець магчымасьць больш часу надаваць сям'і, дзецям. Мабыць, сёньня гэта гучыць як зьдзек, але мы павінны думаць пра будучыню.

Якія падзеі гэтага году з Вашай прафсаюзнай ці палітычнай дзейнасьці асабліва запомніліся, нейкім чынам паўплывалі на Вас ці мелі значны грамадзкі розгалас?

Ну, па-першае, гэта сямсот прадпрымальнікаў Віцебшчыны каля аблвыканкаму. Такая кансалідацыя дазволіла нам аб'яднацца. У выніку была створаная працоўная група пры Міністэрстве эканомікі.

Па-другое, наш прафсаюз прадпрымальнікаў «Разам», які не рэгіструюць у Беларусі, уключаны ў склад міжнароднай прафсаюзнай арганізацыі StreetNet International, у якой прадстаўнікі 47 краін сьвету. Я ўжо атрымала запрашэньне прыехаць на раду гэтай арганізацыі. Буду казаць пра тое, як вымушаныя выжываць нашы дробныя гандляры, нашы індывідуальныя прадпрымальнікі. Гэта вельмі адказна, узьнікае пачуцьцё гонару, што ты нешта робіш у гэтую складаную пару. Але ў той самы час засмучае інэртнасьць людзей. Сілаў становіцца менш, калі разумееш, што людзі пайшлі ў партызаны, што яны чакаюць невядома чаго.

С. Горкі