Панядзелак, 18 Ліпень 2016

Пікет за вылучэньне Ірыны Яскевіч кандыдатам у дэпутаты прайшоў пад лёзунгам «Мільён новых працоўных месцаў»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ірына Яскевіч зьбірала подпісы, неабходныя для яе рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты, побач зь віцебскім гандлёвым цэнтрам «Эвіком». Падтрымаць сваю паплечніцу на пікет прыйшлі і сябры яе ініцыятыўнай групы.

У ініцыятыўнай групе Ірыны Яскевіч 16 чалавек. Сярод іх і старшыня АГП Анатоль Лябедзька, які абяцаў прыехаць на адзін зь пікетаў і паўдзельнічаць у агітацыі. У асноўным жа гэта прадпрымальнікі, ніхто зь сябраў партыі ў арганізацыі пікетаў не задзейнічаны.

Адна са зборшчыц подпісаў каманды Ірыны Яскевіч падзялілася сваімі першымі ўражаньнямі ад пакватэрнага абыходу шматпавярховікаў:

– Хоць людзі і вельмі ветлыя, але пра такую ​​партыю як АГП нічога сказаць ня могуць. Ня ведаюць яны і пра яе прапановы наконт рэфармаваньня эканомікі. Партыйная прыналежнасьць кандыдата ў дэпутаты не адыгрывае для іх вызначальнай ролі. Затое грамадзяне станоўча рэагуюць на тое, што спадарыня Ірына – прадпрымальніца.

Больш за ўсё людзі баяцца страціць працу, апынуцца ў становішчы самазанятасьці, то бок у тым становішчы, у якім знаходзімся мы, прадпрымальнікі. Сёньня наш індывідуальны прадпрымальнік – гэта чалавек, які забясьпечвае працай сябе, які думае пра ўласнае выжываньне і выжываньне сваёй сям'і.

Падзялілася сваімі думкамі і спадарыня Ірына:

– Усе разумеюць, што патрэбныя перамены, але ня ўсе ведаюць, што прапанаваць людзям. Наша партыя прапанавала ідэю «Мільён новых працоўных месцаў». І калі нядаўна ідэя ўспрымалася, як нешта нерэальнае, дык сёньня нас дзякуючы ёй пазнаюць. Яшчэ адным брэндам нашай партыі стала ідэя «захаваньня найлепшага і пабудовы новага». Ніхто не зьбіраецца нішчыць жыцьцяздольнае і не пакідаць каменя на камені. Мы выступаем за стваральную працу, за свабодныя эканамічныя адносіны, за прадпрымальніцкую ініцыятыву.

Так, у нас пытаюцца, адкуль павінен зьявіцца гэты мільён працоўных месцаў. І мы тлумачым людзям, што яны зьявяцца праз сыстэмныя рэформы. Без сыстэмных рэформаў, на якія ўлада, на жаль, не ідзе, ня зьявяцца нават тыя 50 тысяч новых працоўных месцаў, абяцаных ў загадным парадку Лукашэнкам і яго ўрадам. Толькі кансалідаваныя намаганьні ўсяго грамадзтва і рэфармаваньне эканомікі здольныя зьмяніць наша жыцьцё да лепшага. Гэтыя працоўныя месцы зьявяцца толькі тады, калі ўлада перастане «кашмарыць» бізнэс, калі прадпрымальнік будзе сам вызначаць, чым яму займацца і якая колькасьць наёмных рабочых яму неабходная.

На сёньняшні дзень мы бачым, што прадпрыемствы зачыняюцца, прадпрымальнікаў вымушаюць сыходзіць зь бізнэсу – і гэта дарога ў тупік. Таму мы прапануем цывілізаванае выйсьце – рэформы.

Дзеля справядлівасьці варта сказаць, што за непрацяглы час маёй прысутнасьці на пікеце, грамадзяне асаблівага інтарэсу да таго, што адбываецца не праяўлялі, хоць і выказвалі пэўную цікаўнасьць. Разумеючы ўсю прадвызначанасьць цяперашняй выбарчай кампаніі, большасьць выбаршчыкаў, на жаль, ухіліліся ад праявы грамадзянскай актыўнасьці.

С. Горкі