Серада, 23 Кастрычнік 2019

Суд прызнаў вінаватым праваслаўнага дзяка, які зламаў сьцяг на пікеце ў Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Анатоль Шлыкаў Анатоль Шлыкаў

У судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 22 кастрычніка разгледзелі адміністрацыйную справу аб пашкоджаньні маёмасьці – на лаве падсудных апынуўся панамар адной з праваслаўных цэркваў у Віцебску і прыхільнік “русского міра” Анатоль Шлыкаў.

Інцыдэнт адбыўся 29 верасьня ў цэнтры Віцебску падчас пікету па зборы подпісаў за незалежных кандыдатаў, на якім прысутнічаў лідэр партыі “Народная Грамада” Мікалай Статкевіч. Шлыкаў падышоў да пікетоўцаў і зламаў дрэўка бел-чырвона-белага сьцяга. Удзельнікі акцыі выклікалі міліцыю, якая ў дачыненьні да нападніка склала пратакол паводле арт. 10.9 КаАП (наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці).

“Зьнявага ўсенароднаабранага прэзыдэнта…”

На працэсе 22 кастрычніка пазоўнік Аляксандар Якушкоў прасіў суд спагнаць з абвінавачанага за зламаны сьцяг 20 рублёў матэрыяльнай шкоды. Настойваў таксама на маральнай кампэнсацыі за зьнявагу бел-чырвона-белага сьцяга.

Шлыкаў патлумачыў на судзе, што ішоў міма “сіняга дому” і ўбачыў стэнд з надпісам “Лукашэнка павінен сысьці! А таксама плякат з партрэтам Лукашэнкі, пад якім было напісана: Спынім злачынцу! Абвінавачваецца ў асабліва цяжкіх злачынствах: дзяржаўная здрада, выкраданьні і забойствы, рабаваньне народа, крадзеж і карупцыя, прысваеньне паўнамоцтваў, незаконнае пазбаўленьне волі”. Гэты надпіс абвінавачанага вельмі абурыў, бо ён гарачы прыхільнік дзейнага прэзыдэнта.

“На вачах усяго народа адбываецца зьнявага ўсенароднаабранага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Ці мог я прайсьці міма і не адрэагаваць на такое бязьмежжа? Канешне, не! – заявіў на судзе Шлыкаў.

Паводле яго словаў, бел-чырвона-белыя сьцягі стваралі мінакам пагрозу. І каб пазьбегнуць небясьпекі, ён вымушаны быў “прыняць меры”.

Шлыкаў папрасіў суд далучыць да справы свае пісьмовыя тлумачэньні, фотаздымкі з інтэрнэту і нават раздрукоўку артыкулу з сайту “Віцебская Вясна”, у якім расказваецца пра інцыдэнт.

Прызналі вінаватым, але справу спынілі

Выслухаўшы довады бакоў, судзьдзя Алена Цыганкова прызнала Анатоля Шлыкава вінаватым у наўмысным пашкоджаньні маёмасьці. Але пры гэтым пастанавіла вызваліць абвінавачанага ад адміністрацыйнай адказнасьці  - праз “малазначнасьць учыненага правапарушэньня. Ані штрафу, ані кампэнсацыі Шлыкаў за зламаны сьцяг плаціць ня будзе.

Пасьля працэсу Анатоль Шлыкаў сказаў карэспандэнту “Віцебскай Вясны”, што рашэньнем суду цалкам задаволены.

“Давайце зараз уявім, што было б, калі б у СССР перад вайной у газэтах пісалі, што ў краіне зьнізу да верху кіруюць злачынцы, а сам Сталін псыхапат і маразматык. Што б тады было?.. А Статкевіч жа менавіта так і пісаў пра Лукашэнку…” – сказаў Шлыкаў.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.