Серада, 07 Сакавік 2018

Пётар Іваноў: Я падаў апэляцыю, каб даць ім шанец пазьбегнуць ганьбы

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Пётар Іваноў на ганку Кастрычніцкага суду Пётар Іваноў на ганку Кастрычніцкага суду

Віцебскі актывіст і старшыня незарэгістраванага грамадзкага аб’яднаньня “За сумленную ўладу” Пётар Іваноў накіраваў заяву ў 19 дзяржаўных інстанцый, у якой патлумачыў, чаму трэба скасаваць прысуд, вынесены яму Кастрычніцкім судом Віцебску 26 студзеня. Разгляд касацыйнай скаргі адбудзецца 20 сакавіка. “Я даю ім шанец не патрапіць пад каток гісторыі…” – кажа Іваноў.

У размове зь “Віцебскай вясной” Пётар Іваноў прызнаўся, што ня мае асаблівых спадзяваньняў наконт таго, што апэляцыйная скарга будзе задаволеная. “Я не шукаю ў судзе абароны ад беззаконнасьці, бо судзьдзі ў Беларусі нават пераўзыходзяць у гэтай самай беззаконнасьці саміх яе творцаў”, – гаворыць Іваноў. Сэнс касацыі ў іншым, сьцьвярджае.   

У заяве расказвае пра катаваньні ў СІЗА

“Я накіраваў у 19 інстанцый, на імя вышэйшых кіраўнікоў – ад Лукашэнкі да кіраўніка Нацбанку, – заяву, у якой канкрэтна тлумачу, чаму я падаў-такі апэляцыю. Падаў, каб даць ім шанец не патрапіць пад каток гісторыі. Каб даць ім шанец пазьбегнуць дыскрэдытацыі і нязмыўнай ганьбы і каб кожны зь іх у будучыні мог скарыстацца дабротамі сумленнай улады”, – патлумачыў Пётар Іваноў.

Пётар Іваноў адразу пасьля вызваленьня з-пад варты 26 студзеня

Заява была накіраваная ў Адміністрацыю прэзыдэнта, сакратару Рады бясьпекі, прэм’ер-міністру РБ, старшыні Цэнтрвыбаркаму, Гэнпракурору, старшыням Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, губэрнатару Віцебскай вобласьці ды іншым. Копіі дасланыя ў пасольства Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі ды МЗС Расеі.

У тэксьце заявы Пётар Іваноў расказвае, як “фабрыкавалася справа” і падрабязна, згадваючы прозьвішчы канкрэтных выканаўцаў, апісвае, якія зьдзекі чынілі над ім у віцебскім СІЗА №2. Піша аб “прэвэнтыўным генацыдзе народу ў турэмнай катавальні”.

Першым адказаў КДБ

Іваноў расказаў, што ўжо атрымаў адказы ад большасьці адрасантаў, прычым першы ліст прыйшоў з КДБ Рэспублікі Беларусь. Пішуць, што “зварот накіраваны ў Гэнпракуратуру для разгляду па сутнасьці”. Адказалі і з Адміністрацыі прэзыдэнта: пытаньне, маўляў, будзе разглядацца кампэтэнтнымі органамі, а калі ёсьць прэтэнзіі да праваахоўных органаў, мусіце зьвярнуцца туды ў вызначаным парадку.

“Найгорш, на мой погляд, адрэагавала Міністэрства юстыцыі, чые структуры былі наўпрост датычныя да ўсяго гэтага. Яны напісалі, што гэта ня іхняя справа. Маўляў, мы ня маем дачыненьня да суду, вы абскарджваеце судовую пастанову. Насамрэч я не абскарджваю. Я ўсяго толькі паказаў, што гэтая ганьба ляжа на галаву кожнага з вас, у тым ліку на галаву міністра юстыцыі”, – патлумачыў Пётар Іваноў.      

Пра зьдзекі ў СІЗА. 6 цытатаў з заявы Іванова

  • “Без абвінаваўчага прысуду з катавальні СІЗА №2 практычна ніхто не выходзіць. Каго туды загрэблі, той без віны вырачаны на прысуджэньне турэмнага тэрміну. Так працуе злачынны канвэер несумленнай улады…”
  • “…Адначасна са мной у карцэры ўтрымлівалі маладога мужчыну. Ён не вытрымаў катаваньняў і зьдзекаў супрацоўнікаў, парэзаў сабе пахвінную артэрыю ў ноч з 21 на 22 сьнежня 2017 году і скончыў жыцьцё самагубствам”.
  • “Пры максымальным 10-дзённым тэрміне зьмяшчэньні ў карцэры Э. Курыленка (начальнік СІЗА №2 - ВВ) уласнымі рашэньнямі ўтрымліваў мяне ў карцэры 37 содняў бесперапынна. Рэкордны паказьнік для такога пэрыяду. (…) Толькі адно пакараньне зь некалькіх дзясяткаў мела пад сабой падставу – за сьпяваньне песень у карцэры…”
  • “12 сьнежня 2017 году на мяне напалі са сьпіны каля сямі экіпіраваных супрацоўнікаў СІЗА (…) Люта зьбівалі мяне, ляжачага на падлозе з выкручанымі рукамі, дручкамі да паўсьмерці. Азьвярэла лупцавалі па месцах з ранейшымі пашкоджаньнямі, па ягадзіцах, галёнцы і ступні левай нагі. Ад д’ябальскага болю грыз пад сабой рэльефную плітку на падлозе (пашкодзіў пярэднія зубы), заходзіўся ад крыку…”
  • “Пасьля таго як скончылі зьбіваць, пацягнулі за ногі па падлозе, паставілі стойма. Пагражалі згвалціць гумовым дручком у задні праход. Не было ніякіх сумневаў, што ў СІЗА гэта звычайная мера гвалту і пагрозу могуць зьдзейсьніць…”
  • “Гэтыя зьбіваньні праводзіліся ў месцах без відэафіксацыі. Такія месцы вядомыя не вязьням, а супрацоўнікам СІЗА. Туды прыводзілі пад канвоем. Мяне абшуквалі і прымушалі распрануцца дагала ў халодным калідоры. Каб утаіць злачынствы, не былі зьнятыя і дадзеныя зь відэакамэр у месцах майго ўтрыманьня пасьля зьдзекаў і катаваньняў. Ніхто не прайшоў праверку на паліграфе…”

“Дактары аж калоцяцца ад страху…”

Пётар Іваноў прызнаецца, што за месяц на волі стан ягонага здароўя трохі нармалізаваўся (“Вяртаюся да жыцьця”), але нага дагэтуль непакоіць. Расказвае, што некалькі разоў быў у траўматоляга, але так і ня змог атрымаць ад яго здымак.

“Цяпер яны што робяць? Цяпер яны ўсялякім чынам стараюцца не дапусьціць аб’ектыўнай мэдычнай інфармацыі. Вось бяжыць наперадзе мяне сьледчы. Я прайшоў мэдагляд, і тут жа, нават з паліклінікі, забіраюць маю мэдыцынскую карту. Дактары аж калоцяцца ад страху, калі даведваюцца што я быў у СІЗА, і ня пішуць праўдзівую інфармацыю”, – сьцьвярджае Іваноў.

Вынікі судмэдэкспэртызы, якая была праведзеная яшчэ пры знаходжаньні ў СІЗА, таксама невядомыя. Пра тое, як у СІЗА праводзілася праверка СК і мэдэкспэртыза, Іваноў падрабязна апісвае ў заяве. Нам жа паведамляе, што напярэдадні атрымаў адказ ад экспэртаў, якія пішуць, што было праведзена аж тры экспэртызы (Іваноў кажа, што памятае толькі дзьве), але аб іх выніках могуць паведаміць толькі органу, які іх прызначаў (гарадзкі аддзел СК).

“Яны паціху штурхалі гэтыя вынікі праверкі ад аднаго да другога. Іх адказы ўсе грунтаваліся на хлусьлівых сьведчаньнях службовых асобаў: “Не чапалі, не бачылі. Гэта ён нас зьбіваў…” Такі во глум адтуль лезе. Ніхто гэтаму ня дасьць веры, хто хоць раз туды патрапіў”, – кажа Іваноў.

“Гэта будзе прысуд кожнаму ўдзельніку сыстэмы зла”

Нагадаем, што суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пакараў Пятра Іванова штрафам у памеры 85 базавых велічынь (гэта больш за 2 тыс. рублёў) за зьдзяйсьненьне гвалту ў дачыненьні да службовай асобы (ч.1 арт. 366 КК РБ). Такі прысуд Іваноў назваў падвойным, а цяпер называе яшчэ і правакацыйным. І пацьвярджае ў размове з “Віцебскай вясной”, што выплачваць штраф добраахвотна ні ў якім разе не зьбіраецца.

“Набыцьцё рэпрэсіўнай моцы абвінаваўчага вэрдыкту суду, намечанага на 20 сакавіка 2018 году, нязмыўнай ганьбай закляймуе кожнага з вас і вашых нашчадкаў. Гэта будзе гістарычны прысуд кожнаму ўдзельніку сыстэмы зла”, – піша ў сваёй заяве Пётар Іваноў.

Дадае таксама, што калі прысуд набудзе моц, гэта дыскрэдытуе самога Лукашэнку, які апынецца ў гістарычным тупіку. Але напрыканцы тэксту заклікае супольна працаваць над вырашэньнем задачы па стварэньні ў краіне сумленнай улады і нават ахвяраваць на гэтую справу матэрыяльныя сродкі.

Разгляд касацыйнай скаргі Пятра Іванова пачнецца ў Віцебскім абласным судзе 20 сакавіка ў 9.30.

Зьміцер Міраш, фота аўтара