Пятніца, 23 Верасень 2016

«Журавы і журавіны» – экалягічны фэст на Віцебшчыне

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Журавы і журавіны Журавы і журавіны

«Журавы і журавіны» – пяты па ліку экалягічны фэстываль прайшоў у Мёрах. Ён адбыўся ў звычайным фармаце, але сёлета надвор’е не паспрыяла, таму і журавоў арнітолягі налічылі менш, чым звычайна. Да таго ж беларуская мова са сцэны амаль не гучала, акрамя некалькіх песень у выкананьні менскага фольк-гурту «Калі ласка».

Дый людзей было менш, чымся летась – адбіваецца пагаршэньне эканамічнага дабрабыту. Пра гэта сьведчылі і прадаўцы на сьвяце. Затое зьдзіўляла прысутных вялікая колькасьць міліцыянтаў.

А сапраўдным куточкам беларушчыны на сьвяце былі сельскія падворкі. Кажуць наведвальнікі сьвята:

– Я мясцовы, мне падвор’і спадабаліся.
– Зь Віцебску. Клясна, цікава, пазнавальна.
– Спадабалася тое, што вазілі паглядзець на журавоў, але мы не змаглі трапіць, бо ў нас не выйшла, мы не пасьпелі. Аўтобус толькі да чатырох, але нам хацелася б, каб было больш часу. Канцэрт спадабаўся.
-Усё добра, усё спадабалася.

Карэспандэнт: Вы можаце параўнаць, як праходзіла сьвята летась і сёлета, і якія вашы ўражаньні?
– Людзей – як заўсёды, атракцыёнаў стала больш, а так нічога і не зьмянілася.

Падчас сьвята грамадзкая арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» сумесна з заказьнікам «Ельня» ладзіла экскурсіі па назіраньні за журавамі. Таксама ўсе ахвотныя маглі падпісаць пэтыцыю супраць адстрэлу птушак у Лібане, у тым ліку і беларускіх журавоў, якія пралятаюць над гэтай краінай.

Была абраная і «Мёрская журавінка» сярод найпрыгажэйшых і творчых дзяўчат гораду. Скончылася сьвята канцэртам сталічных артыстаў і дыскатэкай.

Тацяна Смоткіна, Радыё Рацыя