Паводле статыстыкі, у Беларусі загінулі каля 2 500 ураджэнцаў Архангельскай вобласці, і палова з іх – на Віцебшчыне. Удзельнікі аўтапрабегу наведваюць брацкія магілы і індывідуальныя пахаванні землякоў, а таксама дэманструюць адмысловую канцэртную праграму «Нам память досталась в наследство». У беларускіх рэгіёнах вырашылі скарыстацца магчымасцю ідэалагічнага выхавання напоўніцу: канцэртныя нумары са зброяй у руках удзельнікі аўтапрабегу паказваюць не толькі ў запланаваных да наведвання населеных пунктах, але нават у дзіцячых летніках. Пра такія запрашэнні паведамляецца ў групе Архангельскага навучальнага пашуковага цэнтру «ВКонтакте».
Падчас канцэртаў, якія ладзяць расейскія падлеткі, гледачоў настойліва пераконваюць у тым, што Беларусь і Расея – гэта практычна адна краіна, а расейцы і беларусы – практычна адзін народ, братэрства якога падмацавана агульнай перамогай у Вялікай Айчыннай вайне. «Мы разам ваявалі і ваюем» - такі пасыл маюць «ваенізаваныя канцэрты». І яшчэ адна небяспечная тэндэнцыя, якой прасякнуты практычна ўсе нумары, -- гэта рамантызацыя вайны як сацыяльнай з“явы. У цяперашні час, калі сапраўдная вайна развязана ва Ўкраіне, памкненне падзяліць адказнасць за яе з беларусамі выглядае правакацыйна, нават калі пра гэта гавораць і спяваюць дзеці.
Лявон Каляда